Гiсторыя замка

Крэўскі замак пабудаваны паміж канцом ХІІІ стагоддзя і 1338 годам пры важным старажытным тракце, які ішоў са сталіцы Вялікага Княства Літоўскага на старажытнае Заслаўе і далей на Масковію, у ім стаяў сталец Крэўскіх князёў.

Замак у Крэве – гэта працяг антычнай традыцыі вайсковых умацаваных лагераў, такія замкі ў Еўропе называліся “Кастэль”, замак гэты быў збудаваны ў прыроднай дрыгвяністай даліне між высокіх пагоркаў, пры ўпадзенні рэчкі Крэвянка ў ручай, пазней названы Шляхцянка.

Замак першапачаткова уяўляў сабой простакутнік з абарончага мура з драўлянымі баявымі галерэямі на сценах і з дзвюма брамамі ў паўночным і паўднёвым мурах. Пазней звонку ад абарончага мура пры паўночна-заходнім рагу была збудаваная вежа з жылымі памяшканнямі для Крэўскага князя і світы, якую цяпер называюць Княскай або Кейстутавай, а насупраць, унутры муроў – Малая вежа. Замкавы комплекс апроч самога замка складаўся з двух Замкавых ставоў (унутры замка і за ягонымі мурамі, з млыном), назіральнай вежы на Юравай (раней, верагодна, Ярылавай) гары і паселішча пры замку.

Замак займаў важнае стратэгічнае значэнне ў лініі ўмацаванняў для абароны краіны ў Захаду, празванай “Лініяй Гедыміна”, якая складалася з замкаў Троцкага, Віленскага, Медніцкага, Крэўскага, Лідскага, пазней яшчэ – Луцкага.

З сярэдзіны XV па XVІІІ стст. замак адыгрывае ролю й вайсковага ўмацавання і адміністрацыйнага цэнтру Крэўскага староства.

У XV стаг. замак вытрымліваў аблогі заходніх рыцараў;

У 1433 г. замак быў важным фарпостам брата Вітаўта Жыкгімонта Кейстутавіча, падчас вайны за сталец Вялікага князя літоўскага;

У1503-1506 г.г замак абараняўся падчас нападаў перакопскіх татараў.

У 1519 г. замак быў абарончым фарпостам супраць Маскоўскага княства.

У перыяд 1655-1660 гг. замак быў абарончым фарпостам супраць Маскоўскага княства падчас жахлівай вайны, празванай “Патоп”.

У XVІІІ стаг. замак быў фарпостам Вялікага Княства Літоўскага супраць Швэцыі і быў разбураны швэцкай артылерыяй, якая размясцілася на захопленай Юравай гары.

З таго ж XVІІІ стаг. на замку размяшчаецца знакамітая Крэўская ратуша, калі Крэва атрымлівае статус места (горада).

У 1910-я г.г. падчас Першай сусветнай вайны замак стаў часткаю нямецкіх франтавых умацаванняў і быў моцна пашкоджаны расійскай артылерыяй.

З 1929 г. па 1930 г. на замку пачынаюцца працы па кансервацыі пад кіраўніцтвам інжынера Яна Бароўскага.

Пасля 1939 г. замак і паселішча апынаюцца ў складзе савецкай краіны, савецкія ўладу спрабавалі некалькі разоў дабурыць замак, але не змаглі.

Сёння нарэсце ўздымаецца пытанне аб кансервацыі і рэстаўрацыі выбітнага помніка ў межах дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”, у 1996 і 2012 г.г. праведзеныя раскопкі на Княскай вежы і на Юравай гары. Дзейнічае Мясцовы дабрачынны фонд “Крэўскі замак”.