Навуковае абгрунтаваньне

Шулаеў Андрэй
магістр архітэктуры,
магістр гісторыі,
спецыяліст па ахове культурнай спадчыны,
спецыяліст па абарончай архітэктуры,
вядучы архітэктар,
старшыня Праўлення Мясцовага дабрачыннага фонду "Крэўскі замак".

Уступ

Крэўскі замак уяўляе сабой унікальны комплексны аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны, які адносіцца да гэтак званых замкаў-кастэляў [1]. Замкі-кастэлі, як прынята лічыць, паўсталі ў выніку паступовай эвалюцыі рымскіх імперскіх умацаваных фортаў і рэпрэзентуюць вайсковую абарончую спецыфіку ХІІІ-ХIV стст. У такіх пабудовах звычайна й адлюстроўваецца адметная стылістыка гэтак званай ганзейскай цаглянай готыкі, якая была асіміляваная да мясцовых умоваў ды праз гэта запачаткавала непаўторны стыль готыкі вялікалітоўскай. У найбольш сціслай і дасканалай форме апісаў гэты працэс сп. Мікола Шчакаціхін у сваёй кнізе “Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва”, у якой сярод іншага згадвае: “… вайсковыя падзеі ХІІІ сталецьця і зьвязаныя зь імі крыжацкія будовы адыгралі досыць важную ролю ў разьвіцьці беларускае архітэктуры […] трэба зазначыць, што тыя ўзоры, якія Беларусь сустрэла ў крыжацкіх будовах, і самі ня мялі ўжо характару цалкам чыстай паўночна-нямецкай готыкі, у далейшым жа мясцовыя іх відазьмены яшчэ болей адхіляліся ў свой уласны бок у замковых будовах […]  што абумовіла сабой пэўны спэцыфічны характар, не бяз уплыву з боку памянёных намі вышэй мясцовых ваенных умацаваньняў прымітыўнага тыпу. Тут характэрна, што з самага пачатку, нават у крыжацкіх будовах на тэрыторыі Інфлянтаў, мы наглядаем значны ўхіл іх ад звычайных нямецкіх плянаў і форм, які, бясспрэчна, павінен тлумачыцца як вынік чыста-мясцовых асаблівасцяй” [2, 141-142]

Крэўскі замак быў пабудаваны пры важнай транспартнай артэрыі ВКЛ тракце з Заслаўя на Вільню, ў прыроднай дрыгвяністай даліне між высокіх пагоркаў, пры ўпадзенні рэчкі Крэвянка ў ручай, пазней названы Шляхцянка. Час пабудовы замкавага комплексу складае навуковую праблему, вагаючыся паміж мяжою ХІІІ-XIV стст. і 1338 годам. Першая дата была прапанаваная сп. Абрамаўскасам на падставе асаблівасцяў будаўнічай тэхнікі (ужыванне для муроўкі глінянае рошчыны і дадатак у вапнавую рошчыну драблёнае цэглы) [3], з якім салідарызаваліся сп.сп. Міхась Ткачоў і Алег Трусаў у сваім артыкуле [4, 3], другая дата, 1338 год, – паводле першай пісьмовай згадкі пра замак у “Хроніцы вялікіх князёў літоўскіх”,калі вялікі літоўскі князь Гедымін “дал Ольгирду кролеву оцу Крево замак”. [5]

Замак у Крэве мае падабенства з замкамі ў Медніках (цяпер Мядзінінкай у Літоўскай Рэспубліцы) і Лідзе, што былі збудаваныя ў Вялікім Княстве Літоўскім для абароны ад нападаў з заходняга кірунку.

Замак першапачаткова уяўляў сабой просты перыметр абарончых муроў, пабудаваных у форме няправільнай трапецыі ў плане, з баявымі галерэямі на сценах і з брамамі ў паўночным і паўднёвым мурах.

Цікавымі ёсць асаблівасці рэльефу, на якім узводзіўся замак, гэтак, калі паўночна-заходні кут замка ўзводзіўся на натуральным узвышэнні пасярод дрыгвяністай нізіны, дык рэшта кутоў і 75% трасы абарончага мура ўзводзіліся проста ў балаціне. Пры гэтым, параўноўвачы Крэўскі замак з амаль аналягічным ям Лідскім, можна сказаць, што апошні будаваўся цалкам на штучным насыпе з буйнога жвіра, галькі ды камянёў [6, 30] У Крэўскім жа замку падсыпка рабілася выключна пад трасамі абарончага мура і пад Малою вежай, пры гэтым, большая частка замкавага двара засталася забалочанаю.

Пазней звонку ад абарончых муроў пры паўночна-заходнім рагу была збудаваная вежа-данжон, якую цяпер называюць Кейстутавай [7, 98]. Сам замкавы комплекс складаўся, апроч уласна замка, з Замкавага става на паўднёвы ўсход за замкавымі мурамі, вадзянога млына на ставе, Юравай гары за ставам, шляхоў зносінаў з наваколлем.

Распланаванне замкавага комплексу і яго месцазнаходжанне ў навакольным ландшафце адпавядала тагачаснай абарончай практыцы:

а) адсутнасць шырокага ўжытку артылерыі не рабіла пагоркі вакол замка небяспечнымі пунктамі аблогі;

б) знаходжанне навакол замка дрыгвяністай глебы ўскладняла пешы і конны подступ абложнікаў;

в) блізкасць да вады спрашчала здзяйсненне фортыфікацыйных мерапрыемстваў;

г) знаходжанне ў нізкім вільготным месцы забяспечвала замак невычарпальнай крыніцай вады;

д) праз асаблівасці рэльефу, замкавыя ўмацаванні дазвалялі цалкам кантраляваць тракт з Заслаўя на Вільню.

Замак займаў важнае стратэгічнае значэнне ў лініі ўмацаванняў, празванай “Лініяй Гедыміна”, чыёй мэтай была абарона краіны ад нападаў Ордэну Мечаносцаў.

Вынікі даследвання выяўленчых крыніцаў з канструкцыямі дазваляюць ставіць пытанне пра існаванне прынамсі двух перыядаў будаўніцтва-рэканструкцыі замка:

Першы этап будаўніцтва ўключаў ўзвядзенне перыметру замкавага абарончага мура, прыбудову да яго паўночна-заходняга рога вялікай вежы-данжона. Гэты этап можна гіпатэтычна звязаць з асобай вялікага князя літоўскага Гедыміна, што, аднак, з’яўляецца прадметам навуковай палемікі, разам з тым, маецца верагоднасць, што вежа ўзводзілася пры ягоным сыне вялікім князі літоўскім і рускім Альгердзе. [9]

Другі этап будаўніцтва ўключаў узвядзенне ўнутры вялікай вежы нэрвюрных гатычных скляпенняў па-над першым і, верагодна, другім паверхамі заміж драўляных на бэльках. Таксама ўнутры абарончага мура пры яго паўднёва-ўсходнім куце была ўзвядзена Малая вежа. Дадзены этап звязваецца з асобамі вялікага князя літоўскага і рускага Альгерда ці ягонага сына Ягайлы, што ўскосна пацвярджаецца практычна поўным падабенствам стрэлкападобных нэрвюрных цаглінаў Крэўскага замка з аналагічнымі цаглінамі, знойдзенымі пры раскопках на Віленскім і Віцебскім замках. [8]

З сярэдзіны XV па XVІІІ стст. замак адыгрывае ролю й вайсковага ўмацавання і адміністрацыйнага цэнтру Крэўскага староства.

У 1433 г. замак быў захоплены і спалены войскам князя Свідрыгайлы.

У1503-1506 г.г замак быў пашкоджаны падчас нападаў перакопскіх татараў.

У 1519 г. замак быў захоплены войскам Маскоўскага княства.

У перыяд 1655-1660 гг. замак неаднаразова рабаваўся падчас вайны з маскоўскім княствам, празванай “Патоп”.

На пачатку XVІІІ ст. замак быў захоплены і зазнаў разбурэнне падчас Паўночнай вайны ў выніку страты вайсковай эфектыўнасці. Комплекс страчвае вайсковае значэнне і болей не аднаўляецца, выкарыстоўваецца як выключна цывільны аб’ект. [10]

З канца XVІІІ ст. па канец ХІХ ст. Крэўскі замак знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і паступова занепадае. Будынак на тэрыторыі замкавага двара выкарыстоўваецца пад хлебапякарню, сутарэнні напаўразбуранай Кейстутавай вежы – пад сарай. [11]

У сярэдзіне ХІХ ст. у Крэве расійскімі інжынерамі былі праведзены меліяратыўныя (асушальныя) працы, падчас якіх часткова знішчаныя фортыфікацыйныя ўмацаванні вакол замка, зменена рэчышча Крэвянкі, панізіўся ўзровень става ў самім замку. [12]

У 1910-я г.г. замак апынуўся на лініі фронту Першай сусветнай вайны ў якасці часткі нямецкіх фортыфікацыйных умацаванняў. У гэты перыяд вакол і ўнутры замка ствараюцца акопы, узводзяцца бетонныя бліндажы, праводзяцца камунікацыі. За час баявых дзеянняў замак быў моцна разбураны падчас самага моцнага і працяглага на Ўсходнім фронце артабстрэлу, які меўся стварыць бачнасць наступлення з расійскага боку з мэтай прыкрыць сапраўдную спробу прарыву фронту на іншым яго ўчастку. У выніку ўсяго асноўныя канструкцыі замка прыйшлі ў аварыйны стан. [13]

З 1929 г. па 1930 г. Крэўскі замак разам з паселішчам апынаецца ў складзе польскай дзяржавы. Па нейкім часе пачынаюцца незавершаныя працы па кансервацыі замкавых муроў пад кіраўніцтвам інжынера Яна Бароўскага. Пад час працаў фрагмент паўночнага мура умацаваны контрфосам, аблямаванне Кейстутавай вежы звязана жалезнымі зацяжкамі, падмураваны асобныя ўчасткі муроў і падмуркаў, праведзены абмеры руінаў, зробленая фотафіксацыя [14]. Тады ж на рацэ Крэвянка, на месцы асушанага раней замкавага става, пачалося будаўніцтва дамоў. Быў таксама збудаваны й мураваны мост з жалезнымі газавымі ліхтарамі. [12]

Пасля 1939 г. замак і паселішча апынаюцца ў складзе савецкай краіны. Для дадзеанага перыяду характэрны спробы разбурыць рэшткі Кейстутавай вежы. [12]

У 1970, 1985, 1989 г.г. распачата археалагічнае даследванне замкавага комплекса (археолагі М. Ткачоў, А. Трусаў, І. Чарняўскі, М. Угрыновіч, А. Дзярновіч). [15]

Сёння, калі нарэшце ўздымаецца пытанне аб кансервацыі і частковай рэстаўрацыі выбітнага помніка ў межах дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі”, як ніколі важна метадычна і комплексна падыйсці да асэнсавання рознабаковай праблематыкі гэтай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

 

Абарончы перыметр Крэўскага замка

Абарончы перыметр выгляд аднатыповага мура з бутавай муроўкі на вапнавай рошчыне, складае ў плане няправільную трапецыю (85 х 108,5 х 71,55 х 97,2) [9]. Таўшчыня абарончай сцяны дасягае 2,75 м., а вышыня раней даходзіла да 12-13 м., цяпер жа дасягае хіба 10 м. [15]

Абарончы мур узводзіўся, як ужо сказана вышэй, часткова (каля чвэрці) на натуральным узвышэнні пясчанай дзюны, а часткова - проста ў дрыгве, з заглыбленнем падмуркаў ад 0,5 да больш за 5 м. Адсюль вынікае важная праблема, якая мае наўпроставае дачыненне да сучаснага этапу кансервацыі замка. Не з’яўляецца цалкам зразумелым той факт, якім чынам узводзіліся такія сцены проста ў вадзе. Гэтак жа незразумела і тое, якім чынам трэба падыходзіць да ўмацавання іх на сучасным этапе ўва ўмовах досыць высокага ўзроўню грунтовых водаў. Таксама трэба сказаць, што падчас раскопак было выяўлена, што падмуркі абарончага мура стаяць на гліняным “замку”, які, імаверна, сярод іншых выконваў функцыі гідраізаляцыі [4, 16] Беларускі даследчык Міхась Ткачоў апісвае замкавыя падмуркі як падмуркі на вапне з камянёў сярэдняй велічыні, якія ляжаць на дубовых і сасновых лаўжах [15]. Разам з тым, такі вывад базуецца на падставе фактычна адзінкавай знаходкі фрагмента дубовай бэлькі пад участкам паўночнага абарончага мура, а таксама на падставе аналогіяў, а таму патрабуе сур’ёзнай праверкі. Развязаць гэтае і іншыя сумежныя пытанні прызваныя археалагічна-геалагічныя даследванні, што маюць прайсці ўвосень 2012 г. пад кіраўніцтвам УП “Белрэстаўрацыя”.

Канструктыўнаю асновай абарончага мура з’яўляецца масіў бутавай муроўкі з валуноў рознага памеру на вапнавай рошчыне, прычым вонкавыя бакі мура маюць роўную плашчыню з абцясаных граняў валуноў, а нутро запоўненае забутоўкай з меншых па памеры камянёў і фрагментаў бітай цэглы на рошчыне. Унікальнасць рошчыны абарончага мура вынікае з таго, што пры вапнякова-пясчанай аснове кладкавых рошчынаў замка вельмі шырока выкрыстоўваліся натуральныя і штучныя гідраўлісныя і актывізуючыя дадаткі - драблёны вапняк, гліны, адкіды вытворчасці цэглы і клінкеру, а таксама матэрыял тыпу шлаку […]. Такі прадуманы падбор і ў выніку складаны змест напаўняльніка ў помніках XIV стагоддзя ў даследуемым рэгіёне выяўлены ўпершыню! [16] Больш за тое, наяўнасць глінянай рошчыны на ніжніх узроўнях больш характэрная для пабудоваў канца ХІІІ ст. Гэты факт у сукупнасці з вынікамі дэндрахраналагічнага даследвання фрагмента бэлькі з-пад паўночнага мура, датаванай канцом ХІІІ - сярэдзінай XIV ст.ст., дазваляе ставіць пытанне пра канец ХІІІ ст. як пра пачатак пабудовы замка Даследванне руінаў замка дазваляе казаць пра некалькі этапаў узвядзення мура з выкарыстаннем сярэднявечнай тэхналогіі гідраўзроўню, пры якой мур выганяўся на пэўную вышыню, затым шчыльна абабіваўся па бакох дошкамі, каб утварыць своеасаблівыя борцікі. У атрыманы такім чынам жолаб залівалася вельмі вадкая вапнавая рошчына, якая па законе фізікі расцякалася ўтвараючы ідэальны гарызантальны ўзровень. [17]

Цагляная абліцоўка. Па вонкавым баку мура з вышыні 4,2 метра па-над сучасным узроўнем зямлі і вышэй зробленая абліцоўка таўшчынёй 450 мм. з керамічных цаглінаў прыблізным памерам 310х190х70 мм. у два шэрагі. Абліцоўка выкананая ў тэхніцы гэтак званай Балцкай (вендскай) муроўкі і перавязаная з мурам у паўцагліны. Прычым перавязачныя цагліны размешчаныя рамбічна-хаатычна.

Цагляная абліцоўка выконвала дэкаратыўную ролю, імітуючы цагляны мур, уласцівы для ганзейскай цаглянай готыкі. У той жа момант для выканання цалкам цаглянага мура ў Крэве на момант будаўніцтва не хапала будаўнічага матэрыялу. Падобная тэндэнцыя, як уласцівая і для крыжацкіх пабудоваў на тутэйшых тэрыторыях, адзначалася ўжо з першай паловы ХХ ст.: “Асноўныя муры будаваліся з груба апрацаваных вапняковых пліт, або нават з натуральнага каменьня, да якога часам прымешваліся кавалкі бітае цэглы, і ўсё залівалася цэмантнай рашчынай […]. У царкоўнай архітэктуры Беларусі такая кладка, відаць, зусім ня ўжывалася, і сустракаецца выключна ў замковых будовах, а таксама наогул у ваенных умацаваньнях” [2, 144].

У абліцоўцы відаць простакутныя адтуліны, характэрныя для сярэднявечнай еўрапейскай тэхналогіі муроўкі, калі пры ўзвядзенні будынкаў вертыкальныя апоры рыштавання ставіліся на зямлю, а гарызантальныя пераборкі задзелваліся проста ў мур, пасля рыштаванні разбіраліся, а адтуліны ад іх пакідаліся.

Празоры ў абарончым муры. Масіў абарончага мура прарэзаны дзвюма брамамі (у паўночным і паўднёвым мурох), а таксама дзвюма форткамі (у паўночным і заходнім мурох).

Галоўная брама ў паўночным муры прыкладна пасярэдзіне яго трасы мела шырыню каля 4 м., вышыню ж мела каля 6 м. і завяршалася спічастай гатычнай арачнай перамычкай. Пачыналася брама з вышыні ад 0,5да 1 м. над узроўнем зямлі, што тлумачыцца патрэбай у арганізацыі аптымальнай яе абароны. Раней да брамы вяла драўляная разборная канструкцыя накшталт пандуса, верагодна, злучаная са спецыяльным пад’ёмным мостам праз роў, якія падчас аблогі разбіраліся. Падобны ж прынцып, як зазначалася вышэй, мы сустракаем у размяшчэнні ўваходу ў Кейстутаву вежу. Пазней, у XVIII ст. да празору былой брамы вяла драўляная двухпавярховая брама аб шасьці слупох [11]. Цяпер жа камяні і цэгла, што выпалі з мурой, утвараюць завал па абодва бакі муроў, які зраўняў перапад паміж узроўнем зямлі і нізам брамы.

Другая брама ў паўднёвым муры мела такі ж кшталт, што і галоўная, размяшчалася таксама прыкладна пасярэдзіне трасы мура і, магчыма, мела амаль тыя ж габарыты, пра што цяпер, аднак, можна меркаваць адно паводле іканаграфічных выяваў, напрыклад, паводле гравюры Баляслава Тамашэвіча [18], з прычыны поўнай разбуранасці. З гледзішча на аддаленасць другой брамы ад асноўных замкавых пабудоваў яе можна прызнаць за другасную, дадатковую.

Фортка ў заходнім муры, чыім прызначэннем хутчэй за ўсё быў зліў вады са става на замкавым двары або запасны выхад за перыметр абарончага мура, мае шырыню ў 2,25 м. і вышыню 2,5 м. Спічастая перамычка форткі выкананая ў зусім унікальнай манеры – гэта гатычны спічасты востралук, выкананы з плоскіх цясаных валуновых каменяў. Пра такі тып канструкцыяў у свой час пісаў ужо цытаваны вышэй тэарэтык гісторыі беларускай архітэктуры М. Шчакаціхін: “… уплыў некаторых мясцовых варункаў меў сваім вынікам характэрную відазьмену ня толькі конструкцый і плянаў, але і самых будаўнічых прыёмаў у параўнаньні да нямецкае тэхнікі. У той час як у прускіх замках у якасці матар’ялу ўжывалася амаль што выключна цэгла, - у крыжацкіх будовах ужываньне яе было значна абмежаваным, так што асноўным будаўнічым матар’ялам зьявіўся тут болей лёгкі для набыцьця вапняк і валуновае каменьне, г.зн. матар’ялы, вельмі пашыраныя ў данай мясцовасьці. Вынікам гэтага было аднак, пэўнае агрубленьне архітэктурных форм, асабліва ў надворных частках будынкаў”[2, 144].

Зыходзячы з раней сказанага, цалкам верагодна, што дадзеная замкавая фортка можа служыць адной з візітовак стылю Беларуская готыка.

 

pic01.jpg
Фортка ў заходнім замкавым муры

Фортка ў паўночным муры ня мае пэўных абрысаў, але археалагічныя даследванні 1985 г. паказалі, што яна была прабітая германскімі вайскоўцамі падчас Першай сусветнай вайны дзеля пракладкі камунікацыяў [4, 17]. Разам з тым, нельга выключаць, што германцы не прабілі, але толькі пашырылі ранейшы празор.

Драўляны каркас. У тоўшчы абарончага мура на вышыні 4,7 м. і 6,1 м. над сённяшнім узроўнем зямлі ішлі два паясы драўлянага каркаса, выкананага ў тэхніцы гародняў, якія на сённяшні дзень спарахнелі і пакінулі толькі пустоту ў сценах. Прыкладны памер ячэйкі гародні складаў 1,5 х 3-5 м. Падобныя канструкцыі ў падмурках кіеўскіх цэркваў канца ХІ - пачатку ХІІ ст.ст. выявіў і апісаў П. Рапапорт, паводле заключэння якога, такія канструкцыі выйшлі з ўжытку ў пачатку - першай палове ХІІ ст. [19] Гародні ў Крэўскім замку мелі за функцыю забеспячэнне прасторавай устойлівасці і канструктыўнай трываласці муроў, у тым ліку і пры дынамічных уздзеяннях, напрыклад, падчас абстрэлу муроў абложнай тэхнікай.

Валанцёрамі Мясцовага дабрачыннага фонду “Крэўскі замак” падчас правядзення супрацьаварыйных працаў на паўночным абарончым муры ў 2006 г. атрымалася выявіць захаваны фрагмент прадольнага элементу, даўжынёй каля 1,2 м. Папярэднія дэндрахраналагічныя даследванні фрагмента паказваюць, што гэта бэлька сячэннем 200х200 мм., выцясаная з дуба ўзростам у 50 год. Даследванне канструкцыяў абарончага мура дазваляе сцвярджаць, што папярочныя элементы гародняў выходзілі навонкі абарончага мура ўва ўнутраны бок. З вонкавага фасаду адтуліны гародняў закрытыя цаглянай абліцоўкай.

 

pic02.jpg
Захаваны фрагмент гародні на паўночным абарончым муры

Галерэя на абарончым муры. Асобным пытаннем стаіць праблема канструкцыі галерэі на абарончым муры.

Падчас археалагічных раскопак … г.г. В шурфах 2 и 3, заложенных возле северной замковой стены (знойдзеныя (удалечыні ад вежаў)  - АШ), остатки обгоревших дубовых брусьев от настила боевой галереи и фрагменты полуциркульной черепицы […] Такая же черепица обнаружена в раскопах и шурфах возле замковых башен. Следовательно, башни и стены замка имели черепичную кровлю [3, 17]

На дваравым фасадзе мура па ўсёй яго даўжыні ў два шэрагі адзін над адным ідуць простакутныя адтуліны ад незахаваных гарызантальных бэлек, перавязаных з сістэмай гародняў унутры. Крок адтулінаў роўны 3-5 м. Тут напрошваецца думка, што галерэя магла пачынацца з вышыні верхняга шэрагу бэлек. Але ў такім разе на ўзроўні чалавечага росту над імі павінныя быць сляды байніцаў. Аднак натурныя даследванні на замкавых мурох у 2006 г. крыху нечакана не выявілі аніякіх слядоў каменнай галерэі ці байніцаў. Імавернасць поўнага абрушэння галерэі па ўсім перыметры абарончага мура таксама трэба адкінуць, тым больш, што, на найранейшых іканаграфічных крыніцах не відаць слядоў такога абрушэння ці рэштак галерэі. У той жа час у апісаннях замка з ХІХ ст. маюцца згадкі пра драўляную баявую галерэю на мурох: “Байніцы ўгары замкавых муроў і дзе-нідзе драўляныя бланкі (вертыкальны архітэктанічны элемент баявой галерэі, часта з зубцамі – аўт.), на што паказваюць канцы захаваных дасюль дубовых бэлек, служылі рыцарству для паражэння нападнікаў пры іх набліжэнні” [20]. Віавочна, што на па

Існаванне драўлянай галерэі ўскосна пацвярджаюць матэрыялы раскопак,1985 г., якія выявілі пры абарончым муры слой вуголля. Такія галерэі ў Еўропе называліся алькерамі і служылі для размяшчэння лучнікаў. Цікава, што на графічнай рэканструкцыі Крэўскага замка за аўтарствам сп. Абуховіча таксама паказаны алькер [21].

Прасторавая канструктыўная арганізацыя драўлянага алькера выглядала наступным чынам: падлога алькера размяшчалася па версе замкавага мура. Аналагі падобных канструктыўных рашэнняў шырока распаўсюджаныя ў еўрапейскай абарончай архітэктуры.

 

pic03.jpg
Папярочны разрэз драўлянага алькера на абарончым муры Крэўскага замка

Драўляная абарончая галерэя-алькер ускосна пацвярджае архаічнасць канструктыўных рашэнняў Крэўскага замка і з’яўляецца цікавым прыкладам сінтэзу заходніх прыёмаў мураванай готыкі з тутэйшымі традыцыямі. Можна меркваць, што на замку ў Лідзе першапачаткова таксама прысутнічаў драўляны алькер, ўзвядзенне ж мураваных бланкаў ёсць якраз пазнейшым дадаткам у адказ на з’яўленнем пальнае зброі.

 

Дамінанты замкавага ансамблю. Кейстутава вежа

 

Кейстутава вежа – галоўная вежа-данжон Крэўскага замка тыпу “кастэль”, прыбудаваная да паўночна-заходняга рога абарончага мура звонку ад яго. Археалагічныя даследванні 1985 г. дазваляюць сцвярджаць, што вежа будавалася неадначасова з абарончым мурам, бо падмуркі вежы ня маюць перавязкі з падмуркамі мура, тыя ж даследванні выявілі ў вежы мноства фрагментаў пячной кахлі, што сведчыць пра жылую функцыю збудавання. [8]

Кейстутава вежа мае ў плане амаль роўны простакутнік 18,65х17 м. з муроў таўшчынёю блізкай да 2 м. Таўшчыня муроў на верхніх ярусах амаль роўная да таўшчыні на ніжніх, што тлумачыцца сярод іншага архаічнасцю будаўнічых прыёмаў, якія ўжываліся пры будаўніцтве вежы, а таксама наяўнасцю першапачаткова выключна драўляных перакрыццяў па драўляных жа бэльках, але не скляпенняў, якія вымагалі б патаньшэння сцяны кожнага вышэйшага яруса адносна ніжэйшага.

Колькасць ярусаў вежы роўная пяці. Пяты ярус ня быў зафіксаваны а ні на воднай выяве з замкам, але тое, што такі ярус існаваў даказваецца наяўнасцю на выявах з пачатку ХХ ст. фрагмента галерэі-лесвіцы, які ідзе ад чацвёртага яруса ўгару. Версія аб наяўнасці гэтага паверха была выказаная яшчэ ў ХІХ ст. польскім даследчыкам Міхілам Балінскім у нарысе “Крэва. Старажытны замак на Літве[20].

Паверхі вежы. Згодна з гістарычнымі даследваннямі першы, падземны, паверх выкарыстоўваўся як схоў прыпасаў для патрэбаў гарнізона і насельнікаў вежы, а таксама пад вязніцу. У вязніцы Крэўскага замка знаходзіўся ў зняволенні і быў задушаны 15 жніўня 1382 г. вялікі літоўскі князь Кейстут, што і дало ёй адпаведную назву: “И тамо у Креве пятыя ночи князя великого Кейстута удавили коморники Ягайловы: Прокша, што воду давал ему, а были иныи: Мостэў брат а Кучик а Лисица жибентяй. Таков конец стался ему, князю великому Кейстуту” [23].

 

pic04.jpg
Схема плану 1-га паверха Кейстутавай вежы

На другім паверсе вежы размяшчаліся памяшканні для залогі, што даказваецца наяўнасцю байніцаў на гэтым паверсе.

 

pic05.jpg
Схема плану 2-га паверха Кейстутавай вежы

Трэці і чацвёрты паверхі, верагодна, выкарыстоўваліся пад жытло, пра што сведчаць шырокія гатычныя вокны на гэтых паверхах. Адзіны ўваход у вежу здзяйсняўся праз трэці паверх вежы з баявой галерэі на заходнім абарончым муры замка, таму нельга выключаць, што на гэтым паверсе месцілася вежавая варта.

 

pic06.jpg
Схема плану 3-га паверха Кейстутавай вежы

Канструктыўнай асновай сценаў вежы з’яўляецца масіў бутавай муроўкі з валуноў рознага памеру на вапнавай рошчыне, аналагічны абарончым мурам. Адрозненне ж заключаецца ў тым, што драўляныя гародні ў тоўшчы мура ішлі на ўзроўні падлогі кожнага паверха. Першапачаткова на гарызантальныя бэлькі, перавязаныя з гароднямі, клалася дашчатая падлога. Гэта дазваляе з дакладнасцю вызначыць, што адзнака другога паверха - 2,7 м. над узроўнем зямлі, вышыня другога паверха - 5,8 м., вышыня трэцяга - 5 м.

Па вонкавых фасадах вежы, як і па абарончым муры, з вышыні каля 5 метраў над зямлёў зробленая цагляная абліцоўка ў два шэрагі. Па рагох вежы абліцоўка ідзе амаль ад самай зямлі, бо выкладаць вуглы з бутавай муроўкі досыць цяжка. Цагляная абліцоўка, як ужо казалася вышэй, выконвала дэкаратыўную ролю, імітуючы цагляны мур, уласцівы для ганзейскай цаглянай готыкі.

Галерэя-лесвіца. У тоўшчы муроў вежы ішла галерэя-лесвіца з мураванымі прыступкамі і спічастым гатычным перакрыццём. Сцены і перакрыцці галерэі былі аблямаваныя цэглай і патынкаваныя, прычым, калі цагляная абмуроўка захавалася да сённяшняга дня, дык наяўнасць тынкоўкі можа быць пацверджаная толькі ўскосна, на падставе фатаграфіяў з пачатку ХХ ст. [17].

Галерэя-лесвіца з’яўлялася адзінай вертыкальнай сувяззю між ярусамі вежы, пры гэтым, што цікава, яна ішла пераважна ўва ўсходняй і паўднёвай сценах. Гэта тлумачыцца важным абарончым значэннем заходняй і паўночнай сценаў, а праз гэта патрэбай не аслабляць іх суцэльны масіў пустотамі галерэі. Галерэя ішла роўнымі ўчасткамі праз кожны з бакоў сцяны з прыкладна аднолькавым ухілам прыступкаў, паварочваючыся па кутах сценаў. На ўзроўні паміж трэцім і чацвёртым ярусамі, а таксама, як выглядае з аналізу фотаздымкаў з пачатку ХХ стаг., паміж чацвёртым і пятым, на павароце трасы галерэі ў заходняй і паўночнай сценах вежы меліся дзве байніцы з востралукавымі перакрыццямі, што тлумачыцца верагодна жаданнем узмацніць гэты ўчастак перыметра абароны вежы, а таксама, што нават больш верагодна, размяшчэннем там паста вартаўнічага. Гэта выглядае лагічным, бо ў вузкім праходзе галерэі незаўважна прайсці нават міма аднаго чалавека, які спіць, не ўяўлялася магчымым і разам з тым знаходжанне вартавога непасрэдна на жылым ярусе побач з гаспадарамі замка магло быць непажаданым для апошніх. [8]

 

pic07.jpg
Схема плану 4-га паверха Кейстутавай вежы

Ваконныя і дзвярныя празоры. Сцены вежы былі прарэзаныя ваконнымі і дзвярным празорамі. У кампазіцыі фасадаў праглядаецца імкненне да сіметрыі, асабліва на паўночным і ўсходнім, у меншай ступені на заходнім, дзе нзіраецца два вертыкальныя шэрагі празораў.

Адрозніваюцца два асноўныя тыпы ваконныжх празораў: бойніцы і вокны. І першыя і другія мелі спічастыя перамычкі.

Вокны, шырынёй 1,5 і вышынёй 2,5 м., былі абліцаваныя цэглай і дэкараваныя размешчанымі на манер распаўсюджанага ў готыцы перспектыўнага парталу, гранямі. Дэкаратыўныя грані ўтвораныя фігурнымі цаглінамі са скошаным рогам, скос роўны 65-70 мм. [22]. Колькасць дэкаратыўных граняў на трэцім паверсе дзве, на чацвёртым - тры. Унутраныя грані вокнаў раней былі патынкаваныя і пакрытыя фрэскавым роспісам.

Бойніцы як і вокны былі абліцаваныя цэглай і мелі памеры 0,5 х 1,2 м.

На найбольш вядомых сёння выявах Кейстутавай вежы паказаны заходні яе фасад, але аналіз гістарычных выяваў дазваляе сцвярджаць, што галоўнымі фасадамі вежы ў XIV-XV ст.ст. былі паўночны і ўсходні. Гэта тлумачыцца тым, што Крэўскі замак будаваўся фактычна ў дрыгве і мог візуальна ўспрымацца зблізу толькі з пад’ездных шляхоў. Такім пад’ездам была вуліца Замкавая ад гандлёвага пляцу да галоўнай брамы замка. З Замкавай вуліцы можна было аглядаць адно паўночны ды ўсходні фасады. Нашмат пазней, калі з’явілася вуліца Багданаўская, а Замкавая згубіла сваё значэнне, асноўны акцэнт візуальнага ўспрыняцця Кейстутавай вежы перамясціўся на заходні яе фасад. Доказам жа ролі паўночнага і ўсходняга фасадаў засталіся дэкаратыўныя гатычныя абрамаванні вакол вокнаў чацвёртага паверха на іх. Абрамаванні былі выкананыя ў выглядзе здвоеных гатычных аркападобных выступаў шырынёй у цагліну і таўшчынёй у чвэрць цагліны, то бок 190х75 мм. [17]

Асобна стаіць вакно, якое вяло на першы паверх-вязніцу. Гэтае вакно памерам 0,2 х 0,3 м. згадвалася яшчэ з ХІХ ст.: “...а пад імі знізу малое вакно вязніцы замкавай” [20]. Перамычка гэтага празора складаецца з дзвюх парных нахіленых цаглінаў. Блізкія аналагі выяўленыя аўтарам на Францішканскім кляштары ў Вільні, а таксама на Віленскім ніжнім замку.

 

pic08.jpg
Вакно былой замкавай вязніцы

Дзвярны празор трэцяга паверха, праз які з галерэі абарончага мура можна было патрапіць у вежу, не захаваўся і ня быў адлюстраваны ў іканаграфічных крыніцах. Разам з тым, можна меркаваць, што характар празора быў падобны да ваконных празораў трэцяга паверха і меў спічастую перамычку.

Інтэр’еры Кейстутавай вежы. Найбольшага развіцця інтэр’еры вежы дасягнулі пасля збудавання ў XIV-XV ст.ст. гатычных цагляных нэрвюрных скляпенняў на першым і, верагодна, другім паверхах. Існаванне скляпенняў пацвярджаецца знаходкай крыжовага ў плане цаглянага слупа пасярэдзіне вежы, цаглянай абмуроўкі сценаў са слядамі скляпення, а таксама стрэлкападобных нэрвюрных цаглінаў. [22]

Адным з асноўных акцэнтаў у інтэр’еры былі дэкаратыўныя спічастыя нішы, пакрытыя тынкам з фрэскавым роспісам, што дапаўняліся дэкаратыўнамі абрамаваннямі вокнаў. [17]

 

pic09.jpg
Схема перакрою Кейстутавай вежы

Мураванае скляпенне. Вывучэнне аналогіяў дазволіла рэканструяваць канструктыўную схему скляпення. Пасярэдзіне простакутнага памяшкання стаяў крыжовы слуп, ад яког д цэнтра кожнай сцяны адыхрдзілі падпружныя аркі. Такім чынам унутраная прастора перакрыцця падзялялася на чатыры простакутнікі. У кожным простакутніку рзмяшчалася крыжовае нэрвюрнае скляпенне. Пад пытаннем застаецца форма нэрвюрных цаглінаў пры піранні нэрвюры на сцяну, а таксама пры перасячэнні нэрвюраў.

 

pic10.jpg
мураванае скляпенне ў інтэр’еры вежы

Плашчыні скляпення паміж нэрвюрамі тынкаваліся і пакрываліся фрэскавым роспісам.

Асобныя знаходкі дазваляюць высунуць меркаванне, што на цэнтральным слупе Кейстутавай вежы мог прысутнічаць дэкор накшталт капітэляў, якія таксама тынкаваліся і пакрываліся фрэскавым роспісам.

Коміны і печы. Асобна трэба сказаць пра сістэму ацяплення вежы, якая на ранніх этапах здзяйсняля хутчэй з дапамогай комінаў, а на пазнейшых этапах - пры дапамозе кахляных печаў. Калі наяўнасць кахляных печаў у вежы пацверджаная археалагічна, дык наяўнасць камінных нішаў пацвярджаецца паводле аналагічных Крэўскаму Лідскага і Медніцкага замкаў. Кропку ў гэтым пытанні павінныя паставіць вынікі поўнага вывучэння археалогіі вежы, плануемага на гэты год пад кіраўніцтвам УП “Белрэстаўрацыя”.

 

pic11.jpg
Аналагі камінных нішаў у Лідскім замку

Фрэскі. Пры раскопках 1993 г. ў раскопе на Кейстутавай вежы былі выяўленыя фрагменты тынку з фрэскамі, якія сведчаць пра некалькі этапаў роспісу інтэр’ераў. Найранейшы этап роспісу адзначаны цёмна-чырвонымі вахрыстымі колерамі, роспіс быў выкананы амаль адразу ж па збудаванні вежы (збудаванні мураванага скляпення). Наступны этап роспісу супадае з аднаўленнем вежы пры пачатку XV ст., пры гэтым “роспісы былі выкананыя ў тэхніцы all-secco, г.зн. па сухой тынкоўцы. Перад нанясеннем жывапісных сюжэтаў паверхню сцен добра ўвільгатнялі. Роспіс выконваўся фарбамі, змешанымі з гашанай вапнай”. На гэтым этапе была выкарыстаная досыць багатая каляровая гама з чырвоных, малінава-чырвоных (кінавар), чырвона-карычневых, карычневых, карычневых з чырвона-фіялетавымі адценнямі, зялёных (глаўканіт), чорных, блакітных пігментаў. Трэці этап роспісу датуецца XVII-XVIII ст.ст. і адзначаны тэхнікай тэмпернага жывапісу.

Агулам, “... тэхніка даследаваных роспісаў, падбор пігментаў, структура пафарбовачнага слоя, склад і структура грунтоў дастаткова своеасаблівыя і абсалютна не характэрныя для вядомых твораў візантыйскага жывапісу. Тэхналогія роспісаў у памяшканнях Княжацкай вежы мае значнае падабенства з тэхналагічнымі прынцыпамі жывапісу заходнееўрапейскага сярэднявечча. У той жа час для іх характэрны спецыфічныя рысы і асаблівасці, што магчыма вытлумачыць актыўным пераасэнсаваннем мясцовымі жывапісцамі вопыту і асноў жывапіснай тэхнікі другіх краін”.

Асабліва трэба адзначыць прысутнасць сярод пігментаў гэтак званай егіпецкай сіняй фарбы (меднае шкло), рэцэпт якой, як прынята лічыць, быў страчаны ўжо ў ІХ ст. [7]

 

pic12.jpg
фрагмент фрэскі з выявай чалавечага вока

Верхні паверх і дах. У пытанні наконт формы і канструкцыяў пятага паверха пакуль рана ставіць кропку. Доказам самога існавання паверха служыць фрагмент галерэі-лесвіцы, што ідзе ад чацвёртага паверха ўгару і фрагменты байніцы на павароце галерэі. Вышыня сцяны вежы на паўночна-заходнім рагу сведчыць, што вышыня гэтага паверха была ня меншай за 5 м. Па канструктыўным вырашэнні паверх хутчэй за ўсё істотна не адрозніваўся ад астатніх. Важным ёсць той факт, што аналіз фотаздымкаў з пач. ХХ стаг. Не дазваляе сцвярджаць, што пяты паверх меў зубчастую галерэю з прычыны розных адлегласцяў паміж рэшткамі адтулінаў у сцяне, якія ўгадваюцца на фотаздымках.

Пытанне ж аб перакрыцці даха, у сваю чаргу, можна лічыць высветленым з прычыны вялікай колькасці даховак, знойдзеных пры раскопках ля вежы. Для перакрыцця Кейстутавай вежы выкарыстоўвалася керамічная непаліваная дахоўка тыпу “манах і манашка”. [22]

 

pic13.jpg
Схема паўночнага фасаду Кейстутавай вежы

Неразвязаныя пытанні. Да сёння не развязанае пытанне наконт існавання падземнага ходу з замка, а дакладней з самой Кейстутавай вежы. Яго можна адносіць да сферы міфатворчасці, якая прыпісвае ходу сувязь з Крэўскім гарадзішчам за некалькі кіламетраў (паводле іншых варыянтаў – з Медніцкім замкам, з Вільняю), а таксама такую шырыню, што па ім быццам бы маглі ехаць шэсць коняў ўпоплеч. У любым разе комплекснае археалагічнае і геарадарнае даследванне замкавай тэрыторыі дазволіць высветліць і гэтае пытанне. [24]

 

Дамінанты замкавага ансамблю. Малая вежа

 

Малая вежа, памерам 11х10,65 м., была прыбудаваная знутры да паўднёва-ўсходняга кута абарончага мура і знаходзілася на штучным пясчаным узвышэнні. Архітэктурна-археалагічныя даследванні паказалі, што яна была прыбудаваная да мура ўжо пасля ўзвядзення апошняга. Пра гэта сведчаць адсутнасць перавязкі падмуркаў і сценаў, розная глыбіня залягання падмуркаў, а таксама “той факт, што сцены гэтай вежы закрылі частку бэлечных адтулін галерэі-памосту для воінаў” [15]

Новазбудаваныя сцены вежы звонку і знутры ня мелі, у адрозненне ад Кейстутавай, цаглянай абліцоўкі. У вежы меліся драўляныя перакрыцці па бэльках сячэннем 300х300 мм. Вышыня першага паверха верагодна была роўная 3,5 м., другога - 2,3, трэцяга - ня менш за 3 м. Існаванне чацвёртага паверха - гіпатэтычнае і ўскосна вынікае са сцвярджэння даследчыкаў архітэктуры замка ў ХІХ ст., быццам вежа значна ўзвышалася па-над абарончым мурам [20]

Мураваным рэшткам Малой вежы не пашанцавала, калі пры пачатку ХХ ст. ў ёй быў збудаваны бетонны ДАК з амбразураю, скіраванай ува ўсходнім кірунку. Гэтае збудаванне амаль цалкам знішчыла культурны слой вежы. Разам з тым, размяшчэнне фортыфікацыйнага збудавання ХХ ст. ўнутры збудавання XIV-XV ст. з’яўляецца па-свойму ўнікальным і цікавым з пункту гледжання гісторыі абарончай архітэктуры Беларусі.

 

Нутро замкавага двара

 

Замкавыя ставы. Замкавы двор, яго кампазіцыя і змест уяўляюць сабой ня меншую навуковую праблему, чым вежы і муры. Справа ў тым, што раней больш за палову дваровай пляцоўкі займаў замкавы стаў, а ўсходні і паўднёвы абарончыя муры будаваліся на штучных насыпах па дрыгве, пракопваючы катлаван пад падмурак да цвёрдага грунту. Пасля пракладкі ў сярэдзіне ХІХ ст. асушальных каналаў вакол замка ўзровень грунтовых водаў панізіўся і замкавы стаў высах [17]. Гэта сказіла карціну ўспрыняцця ўсяго двара. Урэсце рэшт замкавы стаў даследчыкі сталі лакалізаваць у розных месцах, тады як рэльеф двара дазваляе дакладна падлічыць плошчу ягонага люстра. Можна дадаць, што і цяпер замкавы стаў часам аднаўляе сваё аблічча пасля моцных дажджоў.

 

pic14.jpg
від замкавых ставаў на мапе 1827 г.

Насамрэч, рашэнне аб узвядзенні замка на ўчастку, большую частку якога нельга выкарыстаць выглядае экстраардынарным. Такое рашэнне нельга патлумачыць патрэбай у вадзе, бо ў такім разе хапіла б простага калодзежа. Да таго ж за імкненне ахапіць большы ўчастак прыходзіцца плаціць павелічэннем перыметру абарончых сценаў, што непажадана ў вайсковым плане. І тым ня менш такое рашэнне было прынятае. Можна меркаваць, што агромністы дваравы замкавы стаў усё-ткі мог мець лагічную гаспадарчую функцыю. У любым разе адказаць на гэтае пытанне могуць адно вынікі комплекснага археалагічнага вывучэння замкавага двара.

 

pic15.jpg
Схема арганізацыі замкавага двара

Надворныя пабудовы. Натуральнае прыроднае ўзвышэнне ў паўночна-заходняй частцы двара плошчай 50х5 м. паспрыяла размяшчэнню там большасці пабудоваў. Рэшткі адной з надворных пабудоваў былі выяўленыя падчас археалагічнай экспедыцыі 1985 г.г. каля Кейстутавай вежы,бліжэй да заходняга абарончга мура. Культурны слой пабудовы змяшчае ў сабе некалькі аснаванняў. Верхняе аснаванне на глыбіні 200-300 мм. ад паверхні зямлі адносіцца да XVIII ст. і мела падлогу з сасновых дошак таўшчынёй 200-250 мм., кахляную печку з камянёў на гліне, а таксама сцены зрубам па камянях. Пад апісанай пабудовай на глыбіні 300-400 мм. выяўленыя поды печай і рэшткі мураваных падсценнікаў XVI-XVII ст.ст., нарэсце, на глыбіні каля 1 м. выяўленая слупавая аснова гаспадарчага будынка XIV-XV ст.ст.

Ратуша. Даследаваная ў 1985 г. пабудова ў слаі XVIII ст. вельмі верагодна з’яўляецца будынкам, што згадваецца на замку ў 1789 г. Таксама верагодна, што гэты будынак ёсць прыстасаванай пад новыя патрэбы Крэўскай ратушай, пра якую А. Карэва піша: “Унутраная прастора паміж сценамі занятая была драўлянымі пабудовамі, сярод якіх змяшчалася гарадавая ратуша г. Крэва, - які карыстаўся магдэбурскімі правамі. […] калі змянілся палітычнае значэнне апісваемага мною места, урад не знаходзіў патрэбным узнаўляць мураваныя будынкі; а заміж іх пабудаваны быў драўляны дом, для памяшкання ратушы г. Крэва, які ўжо бяднеў” [25]

Брукаваная сцежка. Дзве важныя часткі замка, падзеленыя ставам, злучаліся з дапамогаю брукаванай сцяжынкі: “... ад уваходнай брамы, якая праразала тоўшчу паўночнай сцяны, ішла да малой паўднёва-ўсходняй вежы выбрукаваная дарога шырынёй каля 8 м. Паколькі паўднёва-ўсходні ўчастак замкавага двара быў балоцістым і мокрым, дарогу “забралі” ў каркас з бярвення вышынёй 800 мм.” [15]

Пазнейшыя ўключэнні. За час сваёй гісторыі Крэўскі замак паспеў “абрасці” новабудамі, якія ў сваю чаргу сталіся ўжо часткай гісторыі. Да такіх пабудоваў варта аднесці найперш бетонныя нямецкія шмацаванні І сусветнай вайны. Пра нямецкі ДАК у Малой вежы ўжо казалася вышэй, а апроч яго можна сказаць пра паўкруглае ў плане бетоннае сховішча, прыбудаванае да сярэдзіны паўднёвага абарончага мура знутры: “... некаторыя сучасныя даследчыкі Крэўскага замка памылкова лічаць прымураваны ў 1915 г. да паўднёвай сцяны нямецкі бункер за яшчэ адну старажытную замкавую вежу. Так гэты бункер трактуецца ў шэрагу апублікаваных прац, падаецца на некаторых сучасных планах замка і нават у рэканструкцыях. Цяпер устаноўлена, што гэтая прыбудова складзена з камянёў, павыбіваных з замкавых муроў снарадамі, прытым на цэментавым, а не вапнавым растворы. Да таго ж тут выкарыстаны жалезабетонныя канструкцыі, якія да ХІV ст. не маюць ніякага дачынення”. [15]

 

Інфраструктура звонку замка

 

Як вядома, любы замак не існуе сам па сабе, адарваным ад наваколля. Замак стварае вакол сябе пэўную інфраструктуру, да якой адносяцца абарончыя і гаспадарчыя комплексы па-за перыметрам замкавых сценаў, шляхі зосінаў і інш.

Ірыгацыя. Сярод вонкавай замкавай інфраструктуры трэба згадаць найперш сістэму равоў са штучным ставам пры замку: “... уся прастора абнесеная водным равом у 50 сажняў (106,5 м. - аўт.) шырынёй. Роў гэты, гледзячы па мясцовасці, ня мог быць глыбокім і напаўняўся вадой з дапамогай плаціны. Да сёння яшчэ захаваўся, з паўночнага боку, пасярод галоўнага рава, маленькі равок, выведзены з ручая Шляхцянкі. З паўночнага і ўсходняг боку доступ да замка забяспечваўся з дапамогай штучнага ўзвышэння вады ў рэчцы Крэўцы, што мела да 2 сажняў (4,16 м. - аўт.) у шырыню” [25] У прыведзенай цытаце вядзецца пра штучна створаны ля ўсходняга абарончага мура стаў. Стаў утварыўся пры сутоку рэчкі Крэвянкі (Крэўкі) і ручая Шляхцянкі з дапамогай штучнай земляной дамбы. Узнятая такім чынам вада папаўняла выкапаныя вакол замка равы і другі замквы стаў - унутры перыметру замкавых муроў. У сярэдзіне ХІХ ст. дамба была зрытая. Больш за тое, былі пракапаныя асушальныя каналы, а пляцоўка на месцы былог става - забудаваная.

Трэба сказаць, што вонкавы стаў Крэўскага замка знаходзіць сабе наўпроставую аналогію ў ірыгацыі Лідскага замка, пра што падрбязна напісаў сп. Баравы [26]

Замкавы млын. Месціўся пры дамбе ў месцы, дзе вада выцякала са става і быў, верагодна, збудаваны ўжо па нейкім часе пасля ўладкавання става. Млын уяўляў сабой драўляны будынак з двухспадным дахам на невысокім цокалі. Сцены будынка былі выкананыя зрубам з круглякоў, дах перакрыты дошкамі. Механічную частку складала драўлянае кола з падчай вды на яго згары. З цягам часу замкавы млын быў разбудаваны і перабудаваны з каменя. Сцена з гэтак званай “разынкавай” муроўкаю мелі таўшчыню каля 0,5 м. Млын быў адным з нешматлікіх дамоў, што перажылі І сусветную вайну, пазней стаўся разабраным дзеля матэрыялу. Валанцёрамі Мясцовага дабрачыннага фонду “Крэўскі замак” у 2007 г. былі адшуканыя і пазней мемарыялізаваныя падмуркі млына.

 

pic16.jpg
Крэўскі замкавы млын

Юрава гара. Натуральнае ўзвышэнне ў накірунку на поўдзень ад замка мае ў народзе назву Юрава гара. З уліку на дамінуючы характар узвышша забяспечыў яму ролю назіральнага пункту пры замку, такую гіпотэзу яшчэ ў 1995 г. выказаў беларускі даследчык Алег Дзярновіч: “Пэўную ролю, верагодна, у агульным абарончым комплексе адыгрывала і зараз пануючая над мясцовасцю гара, якая размешчана за некалькі соцен метраў на поўдзень ад замка”. [27] Легенды, якія народная памяць звязвае з Юравай гарой, сведчаць пра яе культавае дахрысціянскае паходжанне, утрымліваюць рудыменты памяці пра ахвярапрынашэнні. [28] Разам з тым, даследванні гэтага аб’екта маюць працягвацца.

Пад’ездныя шляхі. Праблематыка сістэмы сувязяў замка з наваколлем – комплексная і рознапланавая. Сярод аспектаў дадзенай праблематыкі трэба найперш выдзеліць часавы, функцыянальны і тэрытарыяльны. Часавы аспект прадугледжвае розны характар сістэмы сувязяў замка на розных гістарычных этапах. Функцыянальны аспект прадугледжвае сістэматызацыю сістэмы сувязяў замка па функцыянальнай прыкмеце (задавальненне патрэбаў замкавага комплексу ў розных рэсурсах). Нарэсце, тэрытарыяльна аспект разглядае сувязі замка па тэрытарыяльнай прыкмеце (лакальныя і глабальныя).

Дзеля развязання праблематыкі сістэмы вонкавых сувязяў замка патрэбны комплексны і дэтальны аналіз усяго паселішча Крэва на розныя гістарычныя перыяды. Такое комплекснае вывучэнне гістарычнага цэнтра Крэва праводзіцца фондам “Крэўскі замак” з 2005 г., яно, сярод іншага, павіннае даць адказы і на пастаўленыя тут пытанні. [12]

 

Заключэнне

Крэўскі замак як комплексная гісторыка-культурная каштоўнасць рэпрэзентуе і абарончую архітэктуру і тутэйшыя сярэднявечныя эстэтычныя густы, і будаўнічыя прыёмы ды традыцыі Беларускай готыкі, і трагедыю І сусветнай вайны...

Таму толькі ўважлівае і стаўленне да ўсіх гістарычных напластаванняў гэтага ўнікальнага аб’екта дазволіць ня страціць яго падчас рэстаўрацыі, але раскрыць і выявіць, зразумець і захаваць.

Крыніцы:

1. Дзярновіч А. І. Заняпад ці трансфармацыя? Эвалюцыя статуса Крэўскага замка ў XIV-XVII ст. (па выніках гістарычна-археалагічных даследаванняў) // Замкі, палацы і сядзібы ў кантэксце еўрапейскай культуры: Зб. навук. арт. / Мін. культ. РБ, Замкавы комплекс "Мір". Мн.: Медысонт, 2013. С. 23-29.

2. Шчакаціхін, М. Нарысы з гісторыі беларукага мастацтва. Том першы. – Мн.: Друк. Інбелкульту, 1928.

3. Абрамаускас С. К вопросу генезиса крепостных сооружений типа кастель в Лит­ве (на примере замка Медининкай) // Научные труды высш. учеб. заведений Лит. ССР. Строительство и архитектура. ІІІ. 1963. № 1. С. 83.

4. Ткачев, М., Трусов, О. Исторические и архитектурно-археологические исследования Кревского замка // Вопросы архитектуры Литовской ССР Кн. 9 (1). - Вильнюс: "Мокслас", 1988.

5. Хроніка Литовская и Жемойтская // ПСРЛ. Т. 32 – М., 1975. С. 41.

6. Багласов, С., Трусов, О. Историко-архитектурные исследования и реставрация Лидского замка. // Вопросы архитектуры Литовской ССР Т. 7 Кн. 2. - Вильнюс: "Мокслас", 1981.

7. Чарняўскі, І., Цэйтліна, М. Архітэктурна-мастацкія асаблівасці Крэўскага замка // Каштоўнасці мінуўшчыны-4.― Мн., 2001.

8. Экспедыцыйныя матэрыялы Мясцовага дабрачыннага фонду “Крэўскі замак”. Т.1. Гістарычныя матэрыялы.

9. Вялікае княства літоўскае. Энцыклапедыя ў двух тамах. Т. 2 К-Я. - Мн.: “Беларуская энцыклапедыя”, 2006. Стар. 159-160.

10. Дзярновіч, А., Трусаў, А., Чарняўскі, І. Лёс Крэва. – Мн.,1993.

11. Інвентар староства Крэўскага і фальварку Вішнеўка, што да тагож староства належыць, у Павеце Ашмянскім. Цэнтральны дзяржаўны архіў Літоўскай Рэспублікі, Ркп. 3355.

12. Шулаеў, А. Гістарычны цэнтр вёскі Крэва. Праект зон асаблівага рэжыму рэканструкцыі. Дыпломны праект (п/кір. др. арх. С. Сергачова, канд. арх. У. Трацэўскага). - Мн.: БНТУ. Кафедра жылых і грамадскіх будынкаў, 2006.

13. Камінскі, А. Крэўская пазіцыя. Хроніка супрацьстаяння (1915-1918 гг.). - Крэва, 2012. Стар. 10.

14. Lorentz, St. Konserwacja ruin zamkόw w Wileńszczyznie i Nowogrόdczyznie /. St. Lorentz // Ochrona Zabytkόw Sztuki. – 1930/31. – Zesz. 1-4. – S. 161 – 180.

15. Страчаная спадчына / Т.В. Габрусь, А.М. Кулагін, Ю.У.Чантурыя, М.А.Ткачоў; Уклад. Т. В. Габрусь. - Мн.: Беларусь, 2003. Стар. 14

16. Комплексные научные изыскания. Химические исследования. 02.02. КНИ. Объект № 41-70 памятник архитектуры XIV в. замок в д. Крево. Т.2 кн.2. - Мн.: Белорусский реставрационно-проектный институт (БРПИ), 1993. Стар. 13.

17. Матэрыялы Мясцовага дабрачыннага фонду “Крэўскі замак”. Т.2. Гістарычныя матэрыялы па крэўскім замку.

18. Jankowski, Cz. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 2 Petersburg: Księgarnia K. Grendyszyńskiego, 1897. p. 205.

19. Раппопорт, П. Строительное производство Древней Руси (Х-Х вв.). - СПб.: Наука, 1994 паводле [Электронны рэсурс] / www.russiancity.ru – Рэжым доступу: http://www.russiancity.ru/books/b36c.html - Дата доступу: 15.06.2008.

20. Balinski, M. Krewo. Starodawny zamek w Litwie // Pisma historyczne Michala Balinskiego. Tom IV. – Warszawa, 1843. p. 167.

21. Obuchowicz, W. Krewski zamek, Widok od zachodu // Ziemia. Ilustrowany Miesięcznik Krajoznawczy. 1938. T. 23. nr 7.

22. Справаздача аб правядзенні архітэктурна-археалагічных даследванняў. Аб’ект № 41-70 помнік архітэктуры XIV ст. замак у в. Крэва. Кн. 1. - Мн.: БСНРВА “Белрэстаўрацыя”, 1989.

23. Паведамленне Супрасльскага летапіса у частцы пад надпісам: Летапісец вялікіх князёў літоўскіх паводле Jankowski, Cz. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 2 Petersburg: Księgarnia K. Grendyszyńskiego, 1897.  s.s. 215-216.

24. Zahorski, W. Zamek w Krewie // Ziemia. Tygodnik krajoznawczy illustrowany. Nr 48, 23 listopada 1912.

25. Матеріалы для географіи и статистики Россіи, собранные офицерами генерального штаба. Виленская губернія / А. Корева. - СПб., 1861.

26. Боровой, Р. Планы Лиды как источник для реконструкции оборонительной системы Лидского замкового комплекса XIV-XV // Архитектура и строительство Беларуси № 4. С. 56–59

27. Дзярновіч, А. Крэва: мястэчка і гісторыя // Адраджэнне. Гістарычны альманах. Вып. 1. - Мн.: “Універсітэцкае”, 1995.

28. Камінскі, А. Пад хвалямі Крэўскага мора / А. Камінскі. Маладзечна, 2002.